Дар’я Нуждзіна: пэрсанальны дэбют

Дар’я Нуждзіна, з цыклу «Абліччы гораду»

Дар’я Нуждзіна, з цыклу «Абліччы гісторыі»

Дар’я Нуждзіна, з цыклу «Абліччы гісторыі»

Дар’я Нуждзіна, з цыклу «Абліччы гораду»

Дар’я Нуждзіна, з цыклу «Пэрсоны»

Дар’я Нуждзіна, з цыклу «Пэрсоны»

Дар’я Нуждзіна, экспазыцыя выставы

 

Дар’я Нуждзіна, пэрсанальная выстава «Абліччы»
Нацыянальны цэнтар мастацкай творчасьці дзяцей і моладзі, Менск \ 6.02–3.03.2013

Адкуль я?
Навошта тут стаю?
Што бачу?
Дзе ж я?

Д. Хармс, 1929

Як растлумачыць запозьненую цягу ўжо дарослага чалавека да мастацкай практыкі, увогуле да мастацтва? Як яна ўзьнікае ва ўмовах адсутнасьці паўнавартаснага культурна-мастацкага асяродзьдзя, эстэтычнага выхаваньня?

Ва ўмовах ізаляцыі ня толькі ад сучаснай сусьветнай мастацкай культуры, але і ад уласнай культурнай спадчыны?

Як насуперак усяму гэтаму ўдаецца выявіць і культываваць у сабе мастака з новым поглядам на сьвет і сябе самога?

У асабістай гутарцы Дар’я Нуждзіна прызнаецца, што пяць гадоў таму, да таго, як прыйсьці ў арт-студыю «Wostrau», яна была іншым чалавекам. Практыка ў студыі, амаль штодзённыя зносіны са сваім настаўнікам Аляксеем Івановым, неабходнасьць прымаць самастойныя рашэньні й непрыкметная староньняму погляду ўнутраная праца — усё гэта сфармавала патрэбу займацца творчасьцю.

Жывапіс займаў усё больш прасторы ў жыцьці Дар’і. Зьявілася неабходнасьць спазнаць тое, пра што дагэтуль яна проста не задумвалася й што не ўяўляла якой-небудзь каштоўнасьцю ў ранейшым жыцьці. Зварот да сябе з дапамогай творчай практыкі правакуе цікавасьць да сучаснае літаратуры, тэатру, кіно, філязофскіх тэкстаў — і паўсюль яна шукае адказы на свае пытаньні. Яе ўласны душэўны сьвет і сьвет навакольны стульваюцца.

Яна адкрывае для сябе невядомых раней новых мастакоў:

«Вельмі ўразіў Ёзэф Бойс. Для яго мастацтва сталася ў першую чаргу інструмэнтам звароту да чалавека. Для мяне гэты мастак знакавы: ён прымушае задумацца над тым, што ты робіш у мастацтве, для чаго табе мастацтва й ці трэба табе наогул ім займацца?

Пазыцыя ў мастацтве — самае важнае.

Бойс дапамог мне асэнсаваць тое, што адбываецца вакол мяне. Мае пэдагогі, для якіх іхная праца ёсьць працэсам асьветы й навучаньня з дапамогай сучаснай культуры, і сама дзейнасьць студыі «Выспа» ўвасабляюць маніфэст Бойса на практыцы… Жывапіс, на мой погляд, застаецца актуальным і незаменным. Гэта самая даступная мова для людзей, якія маюць патрэбу ў мастацтве» (з тэксту Дар’і Нуждзінай да выставы «Абліччы»).

***

Цыкль першы: «Абліччы гісторыі»

Яны прыходзяць зь мінулага. Прататыпамі паслужылі фотавыявы, знойдзеныя аўтаркай у інтэрнэце: Ганны Ахматавай, Барыса Пастарнака, Паўла Фларэнскага й іншых, а таксама вобразы эпохі 1920-х — фатаграфіі Аляксандра Родчанкі «Піянэрка» й «Гарніст».

Дар’я дасьледуе сваіх герояў, углядаючыся ў іх лёсы, зачароўваецца іхнай творчасьцю. Мастачка выкарыстоўвае турэмныя фатаграфіі (профіль / анфас) рэпрэсаваных у ХХ стагодзьдзі духоўных бунтароў — знакавых прадстаўнікоў літаратуры, філязофіі, мастацтва, нібы паўторна «архівуючы» іх у цыкле «Абліччы гісторыі». Сапраўднасьць, ахвярнасьць, невычэрпнасьць жывой энэргіі срэбнага стагодзьдзя сутыкаецца зь неадчувальнасьцю гіпсавай рамантыкі й патасам «сьветлай будучыні».

Прапускаючы празь сябе далёкія вобразы мінулага, мастачка пазнае іх усё бліжэй, нібы прымярае іх «пасьмяротныя маскі». Аўтар максымальна набліжаецца да іх, ліквідуючы часавыя межы, спрабуе ўвайсьці ў іхнае кола, становіцца сьведкам трагічных лёсаў, будуе сваё разуменьне гісторыі.

Цыкль другі: «Абліччы гораду»

Наступны цыкль — «Абліччы гораду» — нараджаецца зь непасрэднага кантакту мастачкі з гарадзкой прасторай. Выпадковыя мінакі, людзі, якія знаходзяцца побач з намі, аморфнасьць натоўпу, што складае непарыўнае цэлае, —

Дар’я спрабуе ідэнтыфікаваць вобраз месьціча (а таксама сябе самую), дасьледуючы рэальнасьць, у якой жыве.

Спантанна, нібы супернічаючы з фатаграфіяй, мастачка імкнецца зафіксаваць на жывапіснай паверхні, што ўспрымаеш дотыкам, інтуітыўнае ўнутранае адчуваньне Іншага й Сябе Невядомага. Адбываецца дэмантаж рэальнага аб’екта, наступная зборка якога адкрывае нам нешта важнае, але раней нябачнае.

Асаблівае месца ў экспазыцыі нечакана займае блакітны жаночы партрэт. Ён прымушае прыгадаць іканаграфію будысцкага жывапісу — зь сінімі боствамі й іхнымі аватарамі, якія з высакароднай мэтаю ўвасабляліся ў ніжэйшых сфэрах быцьця. Нэонавае сьвятло, пазнавальны жэст, што фіксуюць адначасова нейкую выпадковасьць і вечнасьць, узмацняюць адчуваньне прысутнасьці дзіўнага, схаванага, нялюдзкага ў чалавеку, магчыма, у кожным з нас.

Узьнікае паралель зь вядомым фільмам Джэймса Кэмэрана — зь ягонай цэнтральнай тэмаю ўзаемадзеяньня дзьвюх цывілізацыяў: чалавека й іншага, чужынца. Партрэт нібы месьціць у сабе абедзьве гэтыя іпастасі.

Нечалавечае. Тое, што ня ёсьць чалавек, нешта іншае…
Нечалавечае. Яго сапраўднае імя — Іншае…

В. Сэгален (францускі паэт)

Чалавечы твар, відавочна, здольны адлюстроўваць дух часу, радыкальныя перамены ў гісторыі й культуры.

Можна нават казаць і пра рэінкарнацыю чалавечай пароды ў надзеі на набыцьцё новага аблічча.

Цыкль трэці: «Пэрсона»

Завяршальны цыкль «Пэрсона» — рэфлексія мастачкі на зрэз масмэдыйнай прасторы, працэс мастацкага асэнсаваньня штодзённасьці, што пераўтвараецца ў гісторыю.

У «Пэрсоне» пазнаеш афіцыйных асобаў нашых дзён — чыноўнікаў і палітыкаў віп-прасторы. Яны ўяўляюць сабой новасьпечаную эліту зь ейнаю прэтэнзіяй на рэспэктабэльнасьць разам з прыземленасьцю й утылітарнасьцю інтарэсаў і запытаў.

Большасьць выстаўленых працаў гістарычнага цыклю выкананыя гуашшу ці акрылам на грубай шэрай упаковачнай паперы. Яны прынцыпова манахромныя, з падкрэсьлена выяўленай рэльефнай паверхняй, што дапамагае мастачцы з экспрэсіўнай шчырасьцю выказаць трывогу й трагізм часу. А вось у зоне віп-пэрсонаў, у якой дзеяньне разгортваецца па законах тэатральнай драматургіі з абсурдысцкай інтанацыяй, аўтарка выкарыстоўвае яркія сінія, зялёныя, чырвоныя маскі.

Пэрсанажы цыклю «Пэрсона» выклікаюць нечаканыя асацыяцыі з героямі творчасьці Аляксея Жданава. Мы быццам становімся сьведкамі працэсу трансфармацыі соцыюму пэрыяду «мутанта Сямёнава» — 1980-х.

Мімаволі прымаючы эстафэту, Дар’я Нуждзіна нібыта працягвае дасьледаваць дрэйф «генатыпу» гома саветыкус.

***

Выстава «Абліччы» праходзіла ва ўстанове адукацыі — Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасьці дзяцей і моладзі, дзе звычайна паказваюць працы дзяцей і вучнёўскай моладзі. Гэта мімаволі прымушае нас задумацца пра стан прафэсійнай мастацкай адукацыі, дакладней, пра ейны крызыс.

Па словах кіраўніка арт-студыі «Wostrau» Юрыя Іванова, «фэномэн Дашы Нуждзінай паказвае, што для ўласных пераканаўчых і арыгінальных творчых выказваньняў не патрабуецца дыплём вышэйшай мастацкай установы. Мінуючы шлях акадэмічнай схалястыкі зь ейным культам «правільнага» маляваньня, аўтарка абірае іншую пазыцыю — лімітавую спрошчанасьць і ўмоўнасьць выяўленьня рэальнай прасторы й падзеяў».

Ала Шарко

Фатаграфіі © Аляксея Іванова, Кацярыны Зайцавай

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.

Пры перадрукоўцы артыкулу выкарыстаньне аўтарскага візуальнага матэрыялу забароненае.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Design: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology

109 queries in 0,277 seconds.